У самалёце, які здзейсніў экстранную пасадку ў Дамінікане, было 7 беларусаў
На борце расійскага самалёта, які здзейсніў экстранную пасадку ў Дамінікане, былі 7 грамадзян Беларусі. Пра гэта паведамляе тэлеканал АНТ. Здарэнне адбылося ў сераду. Самалёт Boeing 777-200 кампаніі Orenair ляцеў з аэрапорта горада Пунта-Кана (Дамініканская Рэспубліка) у Маскву. Аднак ужо праз некалькі хвілін вярнуўся назад. На яго борце былі 351 пасажыр і 20 чальцоў экіпажу.
Афіцыйна заяўляецца, што прычынай здарэння на вышыні 6 тысяч метраў стала тэхнічная няспраўнасць самалёта — нешта здарылася з адным з рухавікоў, пачалося задымленне салона. Беларуска Аляксандра Захарык у эфіры АНТ распавяла, што ў самалёце была паніка. Але экіпаж спрацаваў прафесійна — няспраўны рухавік быў выключаны. Пасля прызямлення ў Boeing 777-200 загарэлася пярэдняе шасі. Пасажыраў эвакуявалі праз надзіманыя трапы.
Пасажыры на новым самалёце заўтра вернуцца ў Маскву.