У Санкт-Пецярбургу зацвердзілі норму хлеба на выпадак вайны
Губернатар Санкт-Пецярбурга Георгій Палтаўчанка зацвердзіў памер харчовых пайкоў, якія будуць выдаваць жыхарам горада, калі пачнецца вайна. Пра гэта 10 кастрычніка піша "Фантанка".
Якую менавіта вайну мае на ўвазе кіраўніцтва горада, не паведамляецца.
Жыхарам Пецярбурга гарантуюць 300 грамаў хлеба ў суткі з харчовых рэзерваў. Запасы складаюцца з недатыкальнага і аператыўнага рэзерваў жыта і пшаніцы. Пры гэтым аператыўныя запасы могуць прадавацца, у тым ліку, для рэгулявання рынкавых коштаў на збожжа і муку.
Недатыкальны запас Санкт-Пецярбурга з 2017 па 2019 гады складзе 31 тысячу тон. Па разліках, 5,2 мільёна жыхароў горада з'ядуць гэты запас за 20 дзён. Яшчэ 38,7 тысячы тон складзе аператыўны запас, з улікам якога пецябруржцы змогуць атрымліваць 300-грамовы паёк цягам 1,5 месяца.
Гарантаваную 20-дзённую норму забеспячэння гараджан хлебам ўвялі ўпершыню. Да 2015 года рэгіянальны харчовы фонд Пецярбурга дасягаў 92,2 тысячы тон. У 2015-м запасы скарацілі амаль на траціну. Гарадскі закон, які ўступіў у сілу 1 студзеня 2016 года, забараняе далейшае памяншэнне харчовага фонду.
Падчас Другой Сусветнай вайны Санкт-Пецярбург, які ў той час называўся Ленінградам, вытрымаў блакаду даўжынёй у 872 дня. Хлебны паёк падчас аблогі быў розным. Напрыклад, напачатку — ад 1 кг для рабочых да 400 грамаў для дзяцей. За час блакады ён некалькі разоў скарачаўся, а пасля, калі было наладжанае спалучэнне абложанага горада з "вялікай зямлёй" — павялічваўся.