У Санкт-Пецярбургу затрыманыя беларускія гей-актывісты

На Палацавай плошчы Санкт-Пецярбурга міліцыя разагнала акцыю гей-актывістаў. Пяцёра дэманстрантаў затрыманыя, сярод іх ёсць грамадзяне Беларусі, паведамляе сайт Infox. Геі спрабавалі расцягнуць плакаты з надпісам "Мой гендэр — гэта мой выбар", скандавалі "Гамафобія — гэта хвароба", "Нашы правы без кампрамісаў", "Гамафобія — ганьба краіны". Як толькі актывісты ЛГБТ паспрабавалі выйсці з двара Эрмітажа на Палацавую плошчу, да ўваходу ў музей пад'ехалі міліцэйскія аўтамабілі.

Усяго былі затрыманыя 5 актывістаў гей-руху, а таксама яшчэ 22 чалавека, якія, па меркаванні міліцыянтаў, прыйшлі на Палацавую плошчу, каб перашкодзіць акцыі. Ім інкрымінуецца дробнае хуліганства.

Як толькі першыя дэманстранты былі затрыманыя, астатнія ўдзельнікі акцыі згарнулі свае сцягі і плакаты і змяшаліся з турыстамі.