У Шклоўскім раёне ўсё яшчэ падлічваюць страты ад нашэсця дзікоў

У Шклоўскім раёне працягвае працаваць спецыяльная камісія, якая падлічвае страты ад нашэсця дзікоў. Як мы ўжо паведамлялі, асабліва трывожная сітуацыя склалася на кукурузных палях гаспадаркі "Александрыйская", дзе на 160 гектарах давялося ў другі раз праводзіць пасяўную.  Паводле словаў першага намесніка старшыні шклоўскага райвыканкама, начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы Васіля Віцюнава, агулам пацярпелі каля 500 гектараў палёў. Што да магчымасці вырашэння праблемы з нападамі дзікоў, дык чыноўнік настроены песімістычна.

Васіль Віцюнаў: "Праблему вырашыць нельга, але і па стратах яшчэ няма канчатковай лічбы".

Сабраныя спецкамісіяй матэрыялы будуць перададзеныя ў пракуратуру альбо гаспадарчы суд. Гэта робіцца ў спадзяванні, што паляўнічым дазволяць правесці часовы безліцэнзійны адстрэл дзікоў.

"Іх жа проста так нельга страляць, ліцэнзія мусіць быць. І толькі пэўную колькасць, якая ўсталяваная паляўнічай гаспадаркай", - кажа Васіль Віцюнаў.