У Слуцкім раёне на пажары загінула сям’я з маленькім дзіцем

У вёсцы Малая Падзер Слуцкага раёну адбыўся пажар у жылым доме. Паведамленне пра ўзгаранне паступіла ад відавочцаў у 2.22. Калі на месца прыбылі выратавальнікі, дом гарэў адкрытым полымем. Гаспадар выбраўся з дому самастойна, аднак праз 8 хвілінаў медыкі канстатавалі яго смерць.

У палаючым доме выратавальнікі знайшлі целы жонкі гаспадара і іх дачкі 2010 году нараджэння. У выніку пажару знішчаны гараж з легкавым аўтамабілем. Дом, які знаходзіцца пад адным дахам з гаражом, выгарэў знутры.

Прычына пажару высвятляецца. Адна з магчымых версій — парушэнне правіл тэхнікі пажарнай бяспекі пры фарбаванні аўтамабіля, паведамляе прэс-служба МНС.