У спецназ КСАР можа ўвайсці спецатрад унутраных войскаў Беларусі

Расійская "Независимая газета" апублікавала звесткі пра колькасць і склад кантынгента Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання (КСАР), якія дагэтуль нідзе не агучваліся. Мяркуецца, што там будзе каля 15-20 тысяч чалавек, у тым ліку і беларусы.  Нагадаем, КСАР будзе складацца са злучэнняў і частак пастаяннай баявой гатоўнасці, якія здольныя да мабільнай перакідкі ў любую кропку зоны адказнасці Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Ужо вядома, што ад Беларусі, як і ад Казахстана ды Таджыкістана, будзе выдзеленая на гэтыя мэты адна дэсантна-штурмавая брыгада. Расія выдзяляе ў склад групоўкі не толькі дэсантна-штурмавую брыгаду, але і паветрана-дэсантную дывізію.

У сілы спецпрызначэння КСАР можа ўвайсці спецыяльны атрад хуткага рэагавання брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Беларусі.

"Независимая газета" нагадвае, што завяршэнне фармавання кантынгента КСАР мусіць быць закончанае на пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі 14 чэрвеня, у якім прымуць удзел кіраўнікі Беларусі, Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Кіргізіі, Арменіі і Ўзбекістана.