У Сухарава бацькоўскі камітэт будзе адстойваць беларускамоўнае выхаванне

У сталічным мікрараёне Сухарава створаны бацькоўскі камітэт грамадзян, якія жадаюць, каб іх дзеці выхоўваліся ў беларускамоўных садках. Пра гэта паведаміла БелаПАН старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім.

"Бацькоўскі камітэт будзе рабіць неабходныя захады дзеля адкрыцця новых беларускамоўных груп у садках мікрараёна", — сказала Анісім.

Бацькоўскі камітэт, адзначыла яна, павінен не дапусціць пераводу дзяцей з беларускамоўных груп у рускамоўныя, а таксама дамагацца таго, каб прафесійны ўзровень выхавальнікаў беларускамоўных груп адпавядаў іх задачам. "Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што па гэтых кірунках разам з бацькамі павінны працаваць і чыноўнікі згодна з праграмай Міністэрства адукацыі, якая дзейнічае ўжо некалькі гадоў, і пастановай Савета міністраў ад 27 студзеня 2010 года пра пашырэнне беларускамоўнага навучання і выхавання", — адзначыла прадстаўніца ТБМ.