У свеце адзначаецца Міжнародны дзень стаматолага
Гэта штогадовае прафесійнае свята.
9 лютага ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень стаматолага. Прафесія дантыста, як сведчаць археолагі, існавала яшчэ 9 тысяч год таму — менавіта гэтым перыядам датуюць знойдзеную машыну, падобную да апарату для лекавання зубоў.
Навукоўцы таксама вывучалі старажытныя парэшткі людзей, знойдзеныя ў пакістанскай правінцыі Белуджыстан — у зубах гэтых людзей былі ахайна зробленыя дзірачкі, якія вельмі нагадваюць адтуліны для пломбаў. Між тым гэтым парэшткам не меней за 7 тысяч год.
Міжнародны дзень стаматолага прымеркаваны да дня смерці хрысціянскай святой Апалоніі. Паводле падання, яе катавалі за веру выдзіраннем зубоў. Пакутніцкай смерцю Апалонія загінула 9 лютага 249 года. Дарэчы, сярод католікаў прынята маліцца менавіта гэтай святой, калі зубны боль робіцца нясцерпным.