У таксі можна будзе разлічвацца карткай, але ездзіць стане даражэй

Кіроўцам давядзецца раскашэліцца на новыя таксометры на 3,5 мільёны долараў. А кампенсуюць яны гэтыя грошы за кошт пасажыраў
У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся абураны кіроўца таксі. З 1 верасня усе мусяць змяніць таксометры. Новыя прыборы ўліку даражэй і накіраваныя на ўзмацненне кантролю за кіроўцамі.

"Склалася такія сітуацыя, што не аднаму дзясятку тысяч беларускіх таксістаў спрабуюць “упарыць” новыя таксометры. Іх кошт па незразумелых прычынах прыбліжаны да кошту ноўтбука!

Чаму мы павінны кожныя пяць год мяняць таксометры? Калі новы каштуе больш за мільён, а стары за 600 тысяч працуе без праблем. Ён мае тыя ж функцыі і выдае чэк”, ― абураецца кіроўца таксі Андрэй.

Старыя таксометры ТАЭ-3Ф былі ўнесеныя ў рэестр 7 год таму. Па законе мадэль у рэестры знаходзіцца толькі пяць год. Два гады таму іх вывелі з рэестра, але пакінулі час на эксплуатацыю. У верасні гэты тэрмін мінае і тысячам кіроўцаў давядзецца купіць новыя таксометры.

Стары таксометр ТАЭ-3Ф

Як вынік, таксісты ўжо пачалі незаўважна кампенсаваць непрадбачаныя выдаткі за кошт пасажыраў, распавёў Еўрарадыё старшыня асацыяцыі “Сталічнае таксі” Ігар Верхавец.

Ігар Верхавец: “Ёсць свае хітрасці. Вось адна служба. Яны заяўляюць гучна, што ў іх тарыф 1000, пры сярэднім па горадзе 1300. Пры гэтым яны забываюць сказаць, што ў іх каля 20-30 тысяч за гадзіну прастою, а сярэдняе па горадзе ― 10 тысяч”.

Такім чынам, калі вы едзеце, то кіламетр вам лічыцца па тысячы, а пакуль стаіце на святлафоры ― плаціце 500 рублёў за хвіліну. А яшчэ адна служба павялічыла ў гэтым месяцы прастойныя і абаніраванне да 10 тысяч.

Чаму новыя таксометры аказаліся такімі дарагімі? На думку Ігара Верхаўца, уся праблема ў тым, што іх распрацоўвае манапаліст.

Ігар Верхавец: "Лічыльнікі вырабляе Наваполацкі завод, а распрацоўвае і ўкараняе манапаліст. Такія фірмы як “Альтэрнатыўныя тэхналогіі” ці “Белтакс”. Акрамя іх усё абсталяванне ў Беларусі забаронена. У нас калісьці былі польскія таксометры. Па якой прычыне іх забаранілі, ніхто не можа патлумачыць. А я вам патлумачу ― так выгадна Кавалеўскаму (дырэктар прадпрыемства "Альтэрнатыўныя тэхналогіі" ― ЕРБ). Навошта яму канкурэнцыя, хай бяруць толькі яго".

Дырэктар “Альтэрнатыўных тэхналогій” парыруе абвінавачванні ў свой адрас. Тое, што яны з'яўляюцца манапалістамі, а таксама дарагавізну прыбора Віталь Кавалеўскі тлумачыць малым аб'ёмам працы.

Віталь Кавалеўскі: "Нам на ўсю краіну трэба 10 тысяч штук максімум, а гэта прыблізна па 100 таксометраў у месяц. Каштуе ён столькі, таму што ўсё цалкам зроблена ў Беларусі, а абсталяванне і частка камплектацыі не кітайская, а купленая ў “буржуеў”.

Таксісты ж звязваюць усе новаўвядзенні толькі з узмацненнем кантролю над кіроўцамі і спосабам зарабіць для распрацоўшчыкаў.

У Беларусі працуе каля 10 тысяч таксістаў. Агулам за новыя прыборы ім давядзецца выкласці амаль 3,5 мільёны долараў!

Ігар Верхавец: "Гады два таму асацыяцыя "Сталічнае таксі" вяла барацьбу са спадаром Кавалеўскім, які захацеў абсталяваць таксометры зялёненькімі лямпачкамі. Ён распавядаў як яны неабходныя падаткавікам, якія будуць на хаду глядзець спалучэнне агеньчыкаў. І як зручна таксістам разабраць паўмашыны, каб іх усталяваць. На пасяджэнні ў Міністэрстве транспарту ніхто не мог зразумець навошта гэтыя агеньчыкі. А яму трэба было проста дадаткова грошай зарабіць".

Аднак распрацоўшчык сцвярджае, што новы прыбор нашмат лепшы за стары. Па ім можна разлічвацца карткай і ён дае менш магчымасцяў падмануць як кліента, так і дзяржаву.

Новы таксометр БелТАКС

Віталь Кавалеўскі: "Прыбор гэты не дазваляе нас падманваць. Першы падман ідзе для дзяржавы ― схаванне выручкі. А другі момант, калі нешта змяніць, то прыбор можа паказваць няправільныя паказанні і тады падманваюць нас".

Прыбор фіксуе ўсё. Што было адключана, у якім рэжыме працавала машына. А калі новы таксометр адключылі, то ён блакуецца і не дае магчымасці працаваць. У новага таксометра вельмі інфармацыйны дысплей. Туды выводзяцца ўсе тарыфы ― кошт за кіламетр, кошт за гадзіну прастою, кошт пасадкі і абаніравання. Стары гэтага ўсяго не паказваў. Таму, кажа Віталь Кавалеўскі, таксісты больш трымаюцца за старую мадэль.

Як стала вядома Еўрарадыё, новыя таксометры не стануць абавязковымі менавіта з 1 верасня. Савет Міністраў рыхтуе пастанову, згодна з якой старымі прыборамі яшчэ можна будзе карыстацца пакуль не міне 6 год з моманту іх пакупкі і пастаноўкі на ўлік.

Віталь Кавалеўскі: “У Саўміне гэтая пастанова ёсць, і яна відавочна будзе прынятая на гэтым ці на наступным тыдні. Там ідзе рэдакцыйная праўка. Таму гэтая напружанасць здымаецца. Нікому нічога не трэба экстрана мяняць”.

Але ж відавочна, што праезд на таксі будзе даражаць. З-за Мытнага саюзу павысяцца кошты на аўто, падаражала паліва, новыя лічыльнікі, страхоўкі і ліцэнзіі ― ўсё гэта адаб’ецца на пасажырах.