У Тайландзе затрымалі беларуса, які на самалёце вёз 35 тон зброі

Грамадзянін Беларусі і чацвёра казахаў затрыманыя ў сталіцы Тайланда. Яны былі ў складзе экіпажу грузавога самалёта Іл-76, на борце якога знайшлі 35 тон зброі.
Лайнер затрымалі ў суботу раніцай. Борт запытаў пасадку ў грамадзянскім аэрапорце Бангкока для дазапраўкі.

Пасля папярэджання ад амерыканскіх калег тайскія паліцыянты агледзелі самалёт і выявілі схованку з гранатамётамі і кампанентамі для зенітна-ракетных комплексаў. У тайскіх ВПС заяўляюць, што лайнер ляцеў з Паўночнай Карэі, пішуць замежныя інфармагенцтвы.

Тым часам канчатковы пункт дастаўкі зброі пакуль не ўсталяваны, ці не называецца ў інтарэсах следства. Выказваюцца меркаванні, што зброя прызначалася для Пакістана. Сам самалёт зарэгістраваны ў Грузіі і належыць, па папярэдняй інфармацыі, авіякампаніі Air West Georgia.

Членам экіпажу ўжо прад'яўлены абвінавачванні. Сваёй віны яны не прызнаюць і сцвярджаюць, што не ведалі пра груз.

Тайскія ўлады заяўляюць, што праз некалькі дзён справаздача пра інцыдэнт будзе прадстаўлена ў ААН, а таксама Беларусі і Казахстану.