У Ватыкане судзяць польскага арцыбіскупа, абвінавачанага ў педафіліі

У Ватыкане пачынаецца судовы працэс над былым польскім арцыбіскупам, абвінавачаным у сэксуальным дамаганні да непаўналетніх. Першае судовае паседжанне па справе Юзэфа Весялоўскага павінна было адбыцца ўжо сёння, аднак святару стала кепска і яго паклалі ў лякарню, у аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі, перадае ВВС. Чакаецца, што суддзя перанясе працэс на іншы дзень.

Юзэф Весялоўскі абвінавачваецца ў сэксуальным гвалце ў дачыненні дзяцей у Дамініканскай рэспубліцы з 2008 па 2013 годы. Цяпер яго трымаюць пад хатнім арыштам у Ватыкане. Таксама Весялоўскага абвінавачваюць у захоўванні матэрыялаў з дзіцячай парнаграфіяй. Раней яго пазбавілі духоўнага сану.

Калі 66-гадовага святара прызнаюць вінаватым, яму пагражае да 10 гадоў турмы.

Працэс супраць былога нунцыя разглядаюць як частку кампаніі папы Францішка супраць святароў, замяшаных у педафіліі.