У Ваўкавыску вадаправод праклалі на чалавечых костках (фота)

У Ваўкавыску вадаправод праклалі па старых габрэйскіх могілках. Трубы вядуць да прыватнай аўтастаянкі каля цэнтральнага гарадскога рынку, паведамляе Tut.by. Дзеля эканоміі сродкаў траншэю капалі экскаватарам. Чалавечыя парэшткі спярша вывалілі наверх, потым паклалі трубу, і зараўнялі месца бульдозерам.

Выканаўца абавязкаў галоўнага інжынера КУП "Ваўкавыская камунальная гаспадарка" Валерый Механошын у каментары Tut.by зазначыў, што ніякіх чалавечых рэштак выкапана не было, а сам вадаправод ідзе не па тэрыторыі могілак.

Дырэктар фірмы-падрадчыка, якая займалася пракладкай вадаправода, Міхаіл Хамлюк, у сваю чаргу, зазначыў, што ён атрымаў праект, склаў дамову, праклаў вадаправод. "Дзе былі  косткі — паклалі і ўсё назад засыпалі. Цяпер прыбярэм камяні, якія вынялі з зямлі, і навядзем парадак. Прыходзілі з ідэалагічнага аддзела райвыканкама, паглядзелі, што мы ўсё закапалі, што ўсё ў парадку. Але ж там і раней капалі. Там і вадаправод, і каналізацыя ідзе і сеткі, і ніякага знаку няма, што на гэтай тэрыторыі былі калісьці могілкі!"

Па словах Хамлюка, аб тым, што на месцы будоўлі былі могілкі ён не ведаў: "Я, напрыклад, не ведаў, што на гэтым месцы ў Ваўкавыску могілкі. Гэтым могілкам звыш 100 гадоў, як мне сказалі ў райвыканкаме. Але яны — як балота. Хоць якую пліту надмагільную паставіць, што тут могілкі былі, неяк абгарадзіць іх, траву ўлетку скасіць. Цяпер гэта закінутая пустка".

У архітэктурным аддзеле Ваўкавыскага райвыканкама пра чалавечыя знаходкі падчас раскопак побач з могілкамі нічога не ведалі. Начальнік архітэктурнага аддзела Людміла Казачэнка заявіла, што паводле рашэння райвыканкама ўсе раскопкі, якія вядуцца ў горадзе, акрамя аварыйных, робяцца па адмысловым ордэры, якое выдае КУП "Ваўкавыская камунальная гаспадарка". З архітэктурным аддзелам гэтае пытанне не ўзгаднялі.