У Віцебскім музеі пройдзе свята закаханых з удзелам БРСМ

У Дзень святога Валянціна ў Віцебскім краязнаўчым музеі і яго філіях пройдзе свята закаханых. У панадворку гарадской ратушы адбудзецца акцыя "Палёт кахання", падрыхтаваная гарадской арганізацыяй БРСМ. Кожны яе ўдзельнік зможа запусціць у неба паветраны шарык у выглядзе сэрца з прымацаванай да яго "валянцінкай". Па адным квітку на дваіх можна будзе здзейсніць рамантычную экскурсію, падняўшыся на назіральную пляцоўку ратушы, з якой бачная панарама Віцебска.

Увечары у краязнаўчым музеі пройдзе баль для закаханых, у якім прымуць удзел клуб гістарычнай рэканструкцыі "Паўночная вежа" і ансамбль спартовага бальнага танца "Фэст".

Святочную праграму ў гэты дзень прапануюць і філіі краязнаўчага музея. У Літаратурным музеі адкрыецца мастацкая экспазыцыя "Рамансы для закаханых". На выставе маладыя людзі змогуць зрабіць рамантычную фатаграфію ў адмыслова падрыхтаваным інтэр'еры ў стылю XIX ст., атрымаць у падарунак "валянцінкі" ад паэта Давіда Сімановіча, зрабіць сяброўскі шарж у маладых мастакоў.

Пад Віцебскам, у музеі-сядзібе Іллі Рэпіна "Здраўнёва", пройдзе акцыя "Каханню век не перашкода".

БелаПАН