У Віцебску 15-гадовы падлетак збіў аднакласніка праз любоў да кіно
Яго сябра знаходзіцца ў шпіталі з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі.
Віцебскі гарадскі аддзел СК Беларусі распачаў крымінальную справу ў дачыненні да вучня 10-га класа адной са школ, які збіў аднакласніка. Пацярпелы атрымаў цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, і работнікі ўстановы аховы здароўя, у якую паступіў падлетак, паведамілі пра гэта ў праваахоўныя органы.
Падчас праверкі было высветлена, што аднакласнікі паспрачаліся праз кіно: адзін з іх аддаваў перавагу рускаму, другі любіць амерыканскія фільмы. Высвятляць адносіны падлеткі накіраваліся дадому да аднаго з іх, каб не прыцягваць увагі дарослых. Паводле заключэння судова-медыцынскай экспертызы, цялесныя пашкоджанні, атрыманыя пацярпелым, адносяцца да катэгорыі цяжкіх, паведамляе БЕЛТА.