У Віцебску дзеткі сёння паехалі ў школы бясплатна

У Віцебскай вобласці на гарадскіх і прыгарадных маршрутах школьнікі з сённяшняга дня ездзяць бясплатна. Пакуль не вызначана, якія даведкі павінны мець з сабой дзеці і падлеткі. Але кандуктарам і кантралёрам грамадскага транпарту загадана “не ствараць канфліктных сітуацый” і давяраць людзям. То бок, калі двухмятровага росту хлопец з вусамі сцвярджае, што ён яшчэ школьнік, кандуктар павінен яму паверыць на слова. Кіраўнікі аўтапаркаў ды трамвайна-тралейбусных упраўленняў спадзяюцца, што такая “вольніца” прадоўжыцца не болей, як тыдзень. А потым кожны школьнік, каб ездзіць бясплатна, павінен будзе мець даведку, пажадана з фотаздымкам.

БЕЛТА паведамляе, што на Віцебшчыне адмянілі таксама плату за праезд у грамадскім транспарце для навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных установаў і студэнтаў ВНУ. Але пацвердзіць альбо абвергнуць гэтую інфармацыю ў транспартных арганізацыях не атрымалася: транспартнікі чакаюць афіцыйных тлумачэнняў рашэння абласнога Савета дэпутатаў.