У Віцебску мастак Аляксандр Малей арганізаваў “эстэтычную правакацыю”

Выстава пад назвай “Храм” адчынілася у выставачнай зале Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва. Аўтар праекту Аляксандар Малей, знакаміты віцебскі мастак, якога лічаць аднім з захавальнікаў традыцый Казіміра Малевіча, лічыць, што ён стварыў своеасаблівую “эстэтычную правакацыю”.

Малей:
- Гэта своеасаблівая эстэтычная правакацыя, накіраваная на тое, каб выклікаць у гледача пачуццё боскага. Але не так, каб ён паглядзеў на якую з маіх прац і перахрысціўся. Ён павінны адчуць боскае ў сабе, то бок справакаваць чалавека на адчуванне сакральнага свету.

Праект Аляксандра Малея - гэта пэўная колькасць дызайнерскіх аб’ектаў і чатыры пустых палатна, якія адпаведным чынам размешчаныя ў выставачнай зале. Паводле мастацтвазнаўцы Таццяны Катовіч, да “Храма” Малея немагчыма падыходзіць з класічнымі метадамі мастацтвазнаўства, гэта нешта зусім новае ў сучасным мастацтве.