У Віцебску пачалі адзначаць юбілей "віцебскай мастацкай школы"

27 снежня ў Віцебску адчынілася выстава латгальскіх мастакоў. Выкладчыкі і студэнты Латгальскага філіяла Латышскай акадэміі мастацтваў прывезлі ў Віцебск некалькі дзесяткаў сваіх работ. Гэта жывапіс, графіка, арт-аб’екты, скульптура, выкананыя ў традыцыях авангарднага мастацтва.
Выстава стала першым мерапрыемствам у цэлым шэрагу акцый у гонар 90-годдзя творчага аб’яднання УНОВИС, заснавальнікам якога быў Казімір Малевіч.

Кіраўнік Цэнтра Сучаснага мастацтва, дзе праходзіць выстава, Валянціна Кірылава лічыць, што ўсе мы зараз жывем у свеце, які быў візуальна сфармаваны менавіта дзякуючы ідэям УНОВИСу.

Кірылава: "Чорны квадрат" не таму так прыцягвае ўвагу, што гэта нейкая асаблівая карціна. Гэта карціна, якая ў сабе знайшла кропку новага мыслення. Атрымалася, што геаметрычнае выяўленчае асяроддзе было прыдатным для ўжывання! Так людзі мянялі сваё ўяўленне аб жыцці. А калі праз гады з’явіліся новыя матэрыялы, стала магчымым перанесці гэта вынаходніцтва ў архітэктуру, ў прасторавыя планы, якія ажыццяўляліся ў многіх краінах свету, ў Японіі, Амерыцы, стала зразумела, што школа, створаная тут, у Віцебску, стала перадавой для ўсіх методык і школ, што існавалі ў Еўропе на той момант".

Па словах спадарыні Кірылавай, сучасныя архітэктурныя, мастацкія і дызайнерскія ідэі былі тэарэтычна абгрунтаваныя і візуальна аформленыя менавіта ў Віцебску, ва УНОВИСе.