У Віцебску валанцёры з сеткі "У кантакце" правялі акцыю па прыборцы смецця
У нядзелю група валанцёраў з Віцебска наладзіла чарговую акцыю па прыборцы смецця. Хлопцы і дзяўчаты прыбіраліся ў лясным масіве ля чыгуначнай станцыі Лучоса. У акцыі прыняло ўдзел каля 20 чалавек. Валанцёры працуюць толькі на энтузіязме. За свой кошт набываюць мяхі, пальчаткі, дамаўляюцца аб вывазе смецця. Удзельнікі акцыі пазнаёміліся ў сацыяльнай сетцы "У кантакце", дзе стварылі групу пад назвай "Смецця больш няма. Віцебск". У групу запісалася больш 300 чалавек. Збіраць смецце яны плануюць, пакуль не выпадзе снег. Зімой хочуць заняцца дабрачыннасцю. Плануюць збіраць адзенне, цацкі ды пачастункі для дзетак з дзіцячага дому.