У вёсцы распілавалі чужы дом на дровы, а вінаватых няма

Гаспадыня хаты падазрае, што трапіла пад Указ прэзідэнта аб скарачэнні колькасці пустуючых дамоў. Сельсавет адхрэшчваецца, а міліцыя не бачыць складу злачынства. У жніўні Ганна Барвенава паехала з Мінску ў вёску Блізніца, што на Шаркаўшчыне, каб адпачыць у сваёй хаце. Аднак замест драўлянага будынку жанчына пабачыла распілаваныя рэшткі будоўлі.

Ганна Барвенава:
"Папілавалі на дровы дом. Апошні раз мы там былі ў траўні. А распілавалі ў ліпені. Я паехала ў сельсавет, напісала заяву. Паехала ў міліцыю, напісала заяву аб кампенсацыі. Адказ павінны былі прыслаць праз 10 дзён, прыслалі праз месяц, маўляў, у сувязі з тым, што той, хто пілаваў, не ведаў, што гэта ўласнасць, то адказнасці ён не нясе".

Чалавека, які распілаваў хату, да адказнасці не прыцягнулі, бо… не знайшлі ў яго дзеяннях саставу злачынства, расказаў Еўрарадыё ўчастковы Дзмітрый Маліноўскі:

"Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмовілі, але растлумачылі гаспадарам парадак грамадзянскага звароту ў суд на кампенсацыю прычыненых стратаў - таго, што дом быў распілаваны. Але ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена. Не было падстаў, напэўна. Не было складу злачынства".

ЕРБ: "А тое, што дом распілавалі, - гэта не злачынства?"

Маліноўскі: "Гэта… Я не ў курсе. Гэта больш ведае следчы, які вёў гэтую справу".

Аднак следчы Уладзімір Талапіла адмовіўся каментаваць сітуацыю, а толькі спаслаўся на матэрыялы, па якіх, нібыта, складу злачынства не знайшлі.

Першым пра распілаваны дом даведаўся мастак Алесь Марачкін, які быў тады ў суседняй вёсцы. Ён і пазваніў гаспадару, каб тая прыехала ў Блізніцу. Спадар Марачкін кажа, што гэта не адзіны выпадак, калі з вясковымі хатамі адбываюцца такія расправы.

Алесь Марачкін:
"Гэтая пошасць ідзе па Віцебскай вобласці. Абразаюць электраправодку. І тут жа абразаюць вуглы. Па ўсіх вёсках гэта ідзе. Не пытаючыся, як толькі ўбачаць, што гэты дом адзінока стаіць і там недзе зарасло каля яго. Яны вырашаюць, што дом не жылы. І яго тут жа разбураюць".

Ганна Барвенава падазрае, што ўся справа ва Указе прэзідэнта “Аб мерах па скарачэнні колькасці пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці”. Паводле яе, мясцовыя выканкамы мусяць знесці аварыйныя, трухлявыя і пустыя дамы ў сельскай мясцовасці. Але ж нават пустыя будынкі могуць мець гаспадароў, якія зрэдку наведваюцца ў вёску.

Напрыклад, Ганна прыязджае з Мінску ў Блізніцу раз на некалькі месяцаў, каб адпачыць, ці зладзіць перфоманс або пленэр для мастакоў. Старшыня Лужкоўскага сельсавету, да якога адносіцца вёска Блізніца, сцвярджае, што гэта самаўпраўны і адзіны выпадак ў гэтай мясцовасці.

Васіль Мядзелец: "Калі б сельсавет у курсе быў, ніхто б такога дазволу не даў. Як гэта я магу даць дабро камусьці рэзаць на дровы? Гэта немагчыма. У нас усё строга па заяве ідзе. А тут - проста самавольна".

Па словах спадара Мядзельца, Лужкоўскі сельсавет ужо з 15 красавіка 2006 года выконвае Указ прэзідэнта “Аб мерах па скарачэнні колькасці пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці”. За гэты час было знесена 64 дамы. Аднак робіцца гэта не самавольна, а з удзелам гаспадароў, альбо, калі такіх няма, то праз суд.

Васіль Мядзелец: “Дзяржава выдзяляе грошы. І гаспадары самі зносяць. Калі не хочуць самі, то пішуць нам заяву, каб мы дапамаглі ў зносе дому. Ну, і ў нас ёсць арганізацыі, што разбірюць хаты. Калі няма гаспадара, шукаем. Калі не знаходзім, падаем у суд. Гэтымі справамі займаюцца органы. Калі суд вырашае, што гаспадара няма, значыць, мы тады зносім.”

Пакуль адзінае выйсце ў Ганны Барвенавай - гаспадыні распілаванага дому - падаць у суд. Яна збіраецца атрымаць маральную і фізічную кампенсацыю. Дом яна ацаніла мінімум у 10 тысяч долараў.




На фота тая самая хата у Блізніцы да таго, як яе распілавалі