У Яраслаўлі арганізуюць выставу, прысвечаную Максіму Багдановічу
У Яраслаўлі 25 лістапада адкрыецца дакументальна-мастацкая выстава “Геній зямлі беларускай”, прысвечаная Максіму Багдановічу. Выстава пройдзе ў межах Году культуры Беларусі ў Расіі. Экспазіцыю зрабілі з фондаў мінскага музея Багдановіча. Там будуць выстаўленыя 79 арыгінальных матэрыялаў, у тым ліку прыжыццёвыя выданні паэта, а таксама ілюстрацыі да яго твораў. Апроч таго, у Яраслаўлі прадэманструюць копіі рукапісаў, лістоў і фотаздымкаў паэтаў з фондаў беларускага музея. Класік беларускай літаратуры амаль усё сваё свядомае жыццё правёў у Яраслаўлі. У гэтым горадзе жывуць нашчадкі роду Багдановічаў і аматары творчасці беларускага паэта, паведамляе БелаПАН.