У забойстве 13-гадовага школьніка прызнаўся 19-гадовы юнак
Верагодна, злачынства адбылося з-за грошай. Забойцы пагражае смяротнае пакаранне.
Вучня 8 класа забілі нажом на вуліцы Альшэўскага. Хлопчык не дайшоў да сваёй кватэры метраў шэсцьдзесят, піша “Комсомольская правда в Белоруссии”. Кажуць, Вадзім сышоў са школы пасля першага ўрока. У той дзень у мамы быў выходны , але падлетак дадому не пайшоў . Дзе ён прападаў аж да абеду, невядома. А ў 13:50 на яго накінуліся з нажом.
Дакладную карціну таго, што адбылося, зараз высвятляюць следчыя. Ужо праз некалькі хвілін пасля забойства затрымалі 19-гадовага мінчука. Ніхто з родных Вадзіма гэтага хлопца раней не бачыў.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса — “Забойства заведама малалетняга”. Артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, ці пажыццёвае зняволенне, ці смяротнае пакаранне.
Прэс-служба мінскай міліцыі тым часам паведамляе, што 19-гадовы мінчанін прызнаўся ў забойстве. Ён нідзе не працуе і злоўжывае наркатычнымі сродкамі. “У тым ліку ён распавёў пра тое, што нож (прыладу забойства) кінуў недалёка ад месца здзяйснення злачынства”, — адзначае прэс-служба.