У Жлобіне ідэолагі лічаць самымі складанымі выбарцамі жыхароў старых дамоў

Аддзел ідэалагічнай працы Жлобінскага райвыканкама выпусціў дапаможнік для падрыхтоўкі да выбараў.
Як выніка з дакумента, на які спасылаецца БелаПАН, інфармацыйны бюлетэнь прызначаны "для аказання метадычнай дапамогі намеснікам кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце прадпрыемстваў, установаў і арганізацый". Яго наклад - 100 асобнікаў.

Брашура мае даведку пра наяўныя ў раёне структуры палітычных партый з указаннем прозвішчаў лідэраў, месца іх працы, юрыдычных адрасоў арганізацый партый.

У раздзеле "Ідэалагічнае забеспячэнне выбарчай кампаніі" ідэолагам рэкамендуецца "выкарыстаоўвць усе магчымыя СМІ ў якасці трыбуны для асоб, абіраных на дзяржаўныя пасады, а таксама для стварэння палітычнай рэкламы".

У раздзеле "Праца з рознымі катэгорыямі грамадзян" пералічаныя сацыяльныя групы насельніцтва, іх асаблівасці і спосабы ўздзеяння на іх.

У прыватнасці, пенсіянераў характарызуюць "нізкае матэрыяльнае становішча, палітычная актыўнасць, прыхільнасць традыцыям, настальгія па мінуўшчыне, недахоп зносін". Сельскія жыхары, па версіі складальнікаў дакумента, характарызуюцца нізкай зарплатай, кансерватызмам, малой інфармаванасцю, павагай да аўтарытэту, кіраванасцю з боку адміністрацыі.

З моладдзю, лічаць ідэолагі райвыканкама, варта казаць "пра шлях да велічы краіны, пра вялікія мэты, супрацьстаянне сацыяльнаму генацыду і нацыянальнай нецярпімасці ў краіне".

На прадпрымальнікаў, як лічаць раённыя службоўцы, можна ўздзейнічаць праз "лабіраванне іх інтэрасаў і культурна-нацыянальныя цэнтры, зямляцтвы, рэлігійныя і жаночыя арганізацыі". Аб самотных маці сказана сцісла: "удзячная катэгорыя для індывідуальнай працы".

"Найболей незадаволенай часткай электарата" у дапаможніку названыя "жыхары аварыйных і старых дамоў".

У аддзеле ідэалогіі Жлобінскага райвыканкама БелаПАН заявілі, што бюлетэнь прызначаны не для шырокага чытача.