У Жыткавіцкім раёне будуць судзіць вяскоўца, які пазрываў пагоны міліцыянту

Завадатара п'янай бойкі ў вёсцы Белеў Жыткавіцкага раёна будуць судзіць за гвалт у дачыненні супрацоўніка міліцыі. Бойка адбылася ў жніўні на дыскатэцы і ў ёй удзельнічалі 32 чалавекі. Міліцыянты, якія прыехалі на месца, спрабавалі навесці парадак з дапамогай дубінкі і слёзацечнага газу, але натоўп кінуўся на іх. Толькі стрэлы ў паветра і міліцэйскае падмацаванне спыніла бойку. У ёй, дарэчы, пацярпелі праваахоўнікі, якіх не толькі білі — ім пазрывалі пагоны.

Аднаго з затрыманых завезлі ў бальніцу, але ён і там напаў на міліцыянта, ударыў яго і сарваў яму пагоны. Супраць яго і распачалі крымінальную справу.

Пракуратура, якая праводзіла праверку, прызнала, што міліцыянты ўжывалі супраць натоўпу фізічную сілу і спецсродкі "ў межах закону". У той жа час было адмоўлена ў завядзенні крымінальнай справы па факце збіцця міліцыянтаў, бо "была масавая бойка і ўдары маглі быць выпадковымі", інфармуе БелаПАН