У жытле актывісткі “Маладога фронту” Ганны Шарубы зноў ператрус

Супрацоўнікі КДБ наведалі з ператрусам кватэру, дзе актывістка “Маладога Фронту” Ганна Шаруба пражывае разам са сваёй бабуляй. Першы раз вобшук адбыўся па месцы прапіскі Ганны — у яе бацькоў, калі дзяўчына адбывала 10-сутачны арышт за ўдзел у Плошчы, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.  Ператрус праводзілі трое супрацоўнікаў спецслужбаў: следчы-крыміналіст упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці Маркоўскі А.І., а таксама супрацоўнікі Фаўстовіч В.В. і Косцікаў А.С. Як значылася ў прад’яўленай імі пастанове на правядзенне вобшуку, Ганна Шаруба “з’яўляецца актыўнай удзельніцай незарэгістраванай арганізацыі Малады Фронт, ажыццяўляла інфармацыйную падтрымку Рымашэўскага Віталя”, таму “ёсць падставы меркаваць, што па месцы яе жыхарства могуць знаходзіцца рэчы, якія могуць мець дачыненне да масавых беспарадкаў”.

У выніку прыкладна паўгадзіннага ператрусу супрацоўнікі КДБ сканфіскавалі ноўтбук, які належыць сястры Ганны Шарубы. Па словах Ганны, яна спрабавала давесці, што гэта не яе рэч, але супрацоўнікаў спецслужбаў гэта не спыніла.