Удзел у выбарах ужо прынялі больш за паўмільёна чалавек

За два дні датэрміновага галасавання ўдзел у выбарах прэзідэнта Беларусі прынялі 7,2% выбарцаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік.

Па словах Лазавіка, датэрміновае галасаванне ідзе "досыць дынамічна". Сітуацыя другога дня абсалютна спакойная, ніякіх парушэнняў выбарчага заканадаўства не фіксуецца, дадаў сакратар Цэнтравыбаркама. Адзначым, што незалежныя назіральнікі ўжо агучылі шэраг выпадкаў парушэнняў падчас датэрміновага галасавання.

Асабліва актыўна ўдзельнічаюць у датэрміновым галасаванні людзі старэйшага пакалення і студэнцтва, кажа Лазавік. Ён выказаў здагадку, што моладзь, верагодна, імкнецца прагаласаваць загадзя, каб выхадныя дні выкарыстаць па сваім меркаванні, а не для ўдзелу ў выбарах.