У.Дзялендзік: "Дарыды" не будзе, пакуль не памяняецца кіраўніцтва федэрацыі

Уладальнік былога клуба "Дарыда" Ўладзімір Дзялендзік лічыць, што кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футболу знарок знішчыла яго клуб. Пра гэта ён заявіў у каментары газеце "Советская Белоруссия". Па словах Дзялендзіка, "Дарыду" растапталі, выкінулі з вышэйшай лігі, а пры такім раскладзе ніхто не будзе марнаваць грошы на каманду. "Я заяўляю з усёй адказнасцю: клуба не будзе, пакуль не памяняецца кіраўніцтва федэрацыі", — адзначыў прадпрымальнік.

Гаспадар "Дарыды" ўпэўнены, што судзейскія памылкі пазбавілі каманду дзевяці ачкоў, якіх клубу хапіла б, каб застацца ў вышэйшай лізе. Цяпер, кажа Дзялендзік, "Дарыду" папросту ніхто не пусціць у вышэйшую лігу. У якасці прычыны ён называе тое, што заўсёды адкрыта крытыкаваў федэрацыю футболу.