У.Ігнацік не выйдзе на корт у вырашальнай гульні на Кубку Дэвіса сёння

У вырашальных гульнях матчу Кубка Дэвіса Беларусь — Швейцарыя 13 красавіка за нашую каманду выступяць Максім Мірны і Уладзімір Ваўчкоў. Аб гэтым паведаміў журналістам капітан беларускай зборнай Дзмітры Татур, падводзячы вынікі першых двух дзён. Такім чынам, Уладзімір Ваўчкоў заменіць 17-гадовага Уладзіміра Ігнаціка, які ў якасці другога нумара павінен быў у нядзелю выйсці на корт супраць другой ракеткі госцяў Стэфана Болю. Д.Татур сышоў ад адказу на пытанне, чаму ў першы дзень замест У.Ваўчкова выйшаў У.Ігнацік, абмежаваўшыся словамі "Ігнацік быў гатовы гуляць". Раней ён назваў замену "нечаканай".

Пасля двух адзінкавых і парнага паядынкаў беларусы саступаюць з лікам 1:2. Па словах капітана, быў праведзены аналіз пятнічных паразаў, у прыватнасці няўдачы М.Мірнага і У.Ігнаціка ў гульні на тай-брэйку. "Магло быць не 0:2, а 2:0 на нашу карысць", — лічыць Д.Татур. Матч У.Ігнаціка супраць лідэра швейцарцаў Станіслава Ваўрынкі капітан назваў "выдатным". "Упершыню за апошнія 10—12 гадоў у нас з'явіўся такі гулец. Ён на роўных змагаўся з гульцом першай трыццаткі сусветнага рэйтынгу і, спадзяюся, яшчэ не раз пацешыць нас", — сказаў Д.Татур.

Пераломным момантам у парнай сустрэчы, якую гаспадары выйгралі, М.Мірны лічыць канцоўку другога сэта, калі пры ліку 4:3 атрымалася ўзяць падачу суперніка (выніковы лік 3:6, 6:3, 6:1, 6:2).

Па меркаванні лідэра беларускай зборнай, шанцы на агульную перамогу не страчаныя: "Мне не прызвычайвацца пачынаць трэці дзень, калі мы прайграваем. Гісторыя паказвае, што ў трэці дзень я гуляю добра. Пераспім ноч, і будзем гуляць".

Як адзначыў капітан зборнай Швейцарыі Севярын Люці, каманда "разлічвала ў ідэале" вырашыць зыход матчу ўжо ў суботу, аднак у супернікаў вельмі моцная пара: "Мірны — адзін з вядучых парных гульцоў, а Ваўчкоў выдатна гуляе ў дуэтах на Кубку Дэвіса". Адзін з удзельнікаў швейцарскай пары Іў Алегра прызнаў, што пасля выйгранага першага сэта была згубленая псіхалагічная ўпэўненасць. "Гэта вельмі цяжка, калі ўвесь час нешта жадаеш зрабіць, а нічога не атрымліваецца", — паскардзіўся гулец.

Тым не менш, па словах капітана зборнай госцяў, каманда павінна быць гатовая ўзяць у нядзелю пераможнае ачко.

БелаПАН