Украіна ў ліпені можа далучыцца да пратакола аб стварэнні Мытнага саюза

"У нас ёсць разлікі. Падпісанне дагавора аб стварэнні зоны свабоднага гандлю з СНД чакаецца ў маі гэтага года, а ўжо ў ліпені, калі будзе адпаведнае рашэнне Канстытуцыйнага суда і завершыцца правядзенне ўнутрыдзяржаўных працэдур, мы зможам далучыцца да пратакола аб стварэнні Мытнага саюза", — сказаў Мунціян, паведамляе БелаПАН.

Перш чым стаць паўнавартасным членам МС, Украіна, паводле яго слоў, павінна далучыцца да ЕўрАзЭС, ратыфікаваўшы прыкладна 10 міждзяржаўных пагадненняў. "Затым для ўваходжання ў МС Украіне трэба будзе прызнаць яшчэ 51 пагадненне", — падкрэсліў прадстаўнік украінскага ўрада.

Паводле слоў Мунціяна, далучаючыся да МС, Украіна будзе вымушана ўзнімаць свае мытныя тарыфы.

Пры гэтым Украіна не мае намеру адмаўляцца ад членства ў СГА, якое таксама дае пэўныя выгады, падкрэсліў Мунціян. "А гэта азначае, што нам давядзецца весці перамовы з усімі 153 краінамі — членамі СГА, дамаўляючыся аб змене ўмоў нашага членства. Натуральна, гэтыя краіны ўзнімуць пытанне аб кампенсацыі страт, якія яны панясуць", — сказаў прадстаўнік урада Украіны.

Паводле яго слоў, краіны МС павінны будуць кампенсаваць страты. Згодна з папярэднімі разлікамі, страты Украіны складуць 1,9 млрд. долараў.