Украінцы ўпотай ссеклі каля 1 тысячы беларускіх соснаў на 60 млн рублёў
Памежнікі пінскага памежнага атраду спынілі другую за гэты год незаконную высечку леса.
На тэрыторыі Палескага лясгасу, што на Століншчыне, больш за 20 чалавек ссеклі каля 1 тысячы соснаў і нанеслі шкоду ў памеры 60 мільёнаў рублёў. Пры набліжэнні беларускіх памежнікаў "чорныя" лесасекі скрыліся на тэрыторыі Украіны, паведамляе тэлеканал "Варяг".
Падобны выпадак адбыўся і ў студзені, калі ў прыпамежным лесе было ссечана каля 50 соснаў. Пінскія памежнікі ўпэўнены, што гэта робяць грамадзяне Украіны, якія потым пілуюць дрэвы на сваіх прыватных піларамах. Каб спыніць гэтую навалу, камандаванне памежнікаў прыняло рашэнне ўзмацніць кантроль мяжы на гэтых кірунках і прыцягваць да крымінальнай адказнасці парушальнікаў беларускіх законаў.