Украінскага кантрабандыста злавілі на перапраўцы трактара

Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.  Пінскія памежнікі за 50 м ад дзяржаўнай мяжы каля пункту пропуску Верхні Церабяжоў у Столінскім раёне затрымалі трактар МТЗ-80 з прычэпам без рэгістрацыйных нумароў. Трактар быў гружаны культыватарам і бараной, а таксама камплектам пярэдніх і задніх колаў. Трактар кантрабандай адпраўлялі ва Ўкраіну.

Цішчанка: Нарад затрымаў грамадзяніна Ўкраіны, які знаходзіўся непадалёк. Ён зараз аформлены як парушальнік мяжы, бо мяжу ён прайшоў з парушэннем, не праз пункт пропуску. Цяпер з ім будуць разбірацца. Трактар дастаўлены ў пункт пропуску Верхні Церабяжоў на стаянку.

Па словах Цішчанкі, увесну зазвычай узмацняецца так званая "сезонная кантрабанда". Парушальнікі мяжы нелегальна перапраўляюць сельскагаспадарчую тэхніку і пераганяюць свойскую жывёлу.