Украінскі тэлеканал могуць зачыніць за “блакітны агеньчык” з Кабзонам
Тэлеканал “Інтэр” паказаў навагодняе расійскае шоў з удзелам артыстаў, якія падтрымліваюць палітыку Крамля ў дачыненні Украіны.
Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў запатрабаваў пазбавіць украінскі тэлеканал “Інтэр” ліцэнзіі за трансляцыю навагодняга канцэрту з удзелам адыёзных зорак расійскай эстрады. Тэлеканал паказаў адзін з “блакітных агеньчыкаў”, у якім прагучала “гумарыстычная песня” ў выкананні Іосіфа Кабзона, Алега Газманава і Валерыі. Артысты з іроніяй праспявалі пра санкцыі супраць саміх сябе.
“У навагоднюю ноч, калі ўся нацыя адчувала яднанне, тэлеканал “Інтэр” традыцыйна дзейнічаў супраць украінскай дзяржавы, транслюючы канцэрт тых людзей, якія здзекваліся з нашай краіны, падтрымліваючы тэрарыстаў і вітаючы захоп Крыма і Данбаса”, — гаворыцца ў заяве Турчынава, апублікаванай на сайце РНБА.
Турчынаў заклікаў нацыянальную раду ў пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання неадкладна разгледзець пытанне аб пазбаўленні тэлеканала ліцэнзіі.
Прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Святаслаў Цаголка таксама напісаў у Твітары: “Вакарчук, безумоўна, перамог Кабзона ў навагоднюю ноч. Але за антыўкраінскіх выканаўцаў трэба публічна адказаць”.
Многія ўкраінцы ў сацыяльных сетках выказвалі незадаволенасць і недаўменне ў сувязі з трансляцыяй канцэрту.
У сваю чаргу тэлеканал выступіў з заявай аб палітычным ціску пасля пагрозаў пазбаўлення ліцэнзіі, перадае ВВС.
Фота: joinfo.ua