Украінскія маракі заклікаюць сарваць пастаўкі нафты з Венесуэлы ў Беларусь

Украінскія маракі з панамскага судна "Бі Атлантык", арыштаваныя ў Венесуэле, заклікаюць грамадскасць Украіны не прапусціць "нафту пірацкай дзяржавы".  У іх заяве, якую надрукаваў "Морской бюллетень", гаворыцца: "Як ужо вядома, Венесуэла будзе пастаўляць нафту ў Беларусь, нафта пойдзе праз Украіну, Адэсу... Дапамажыце выйсці і арганізаваць пікеты на тых участках, дзе будзе праходзіць "гандлёвы шлях" венесуэльскай нафты у Беларусь. Падтрымайце нас, невінаватых маракоў, якія без віны вінаватыя знаходзяцца ў Венесуэле як палітычныя закладнікі ўжо 2 гады і 7 месяцаў у чаканні пачатку судовага працэсу".

Сайт timer.od.ua адзначае, што капітан Уладзімір Усціменка з Адэсы і другі памочнік капітана Юрый Данчанка з Херсона былі затрыманыя ў Венесуэле пасля адшукання наркотыкаў на іх судне.

У заяве маракоў сцвярджаецца, што першы танкер з нафтай для Беларусі прыбудзе ва Ўкраіну ў траўні 2010 года. Нагадаем, пра запланаваныя пастаўкі нафты ў нашу краіну заявіў прэзідэнт Уга Чавес падчас нядаўняга візіту ў Венесуэлу Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яго слоў, Венесуэла будзе пастаўляць у Беларусь 4,2 млн тон нафты ў год, пасля перапрацоўкі яна, нібыта, прададуць у Еўропе.