Украінскія СМІ: Лукашэнка не прыедзе ў Кіеў на юбілей хрышчэння Русі
На думку экспертаў, прычына ў тым, што ўкраінскі бок "няправільна" запрасіў беларускага калегу.
Некалькі дзён таму з'явіліся паведамленні, што на выходных Аляксандр Лукашэнка разам з малодшым сынам Колем прыбудзе ў Кіеў. Там пройдуць маштабныя святкаванні 1025-годдзя хрышчэння Русі. Акрамя маскоўскага патрыярха, у святкаванні прыме ўдзел расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, а таксама кіраўнікі Малдовы і Сербіі — Мікалай Цімофці і Таміслаў Нікаліч.
Аднак украінскае выданне delo.ua, піша, што Лукашэнка адмовіўся ад удзелу ў кіеўскіх святкаваннях. На думку экспертаў, ён не хацеў нічога абмяркоўваць з прэзідэнтамі Украіны і Расіі. Такое меркаванне выказвае дырэктар Цэнтра палітычных даследаванняў і канфлікталогіі Міхаіл Паграбінскі.
Таксама эксперты выказваюць меркаванне, што ўкраінскі бок "кепска" запрасіў кіраўніка Беларусі. Кіраўнік Карпарацыі стратэгічнага кансалтынгу "Гардарыка" Канстанцін Мацвіенка кажа, што Лукашэнку так запрасілі, што ў яго не было іншага выбару, як гэтак жа ветліва адмовіцца.
Беларуская амбасада ва Украіне адмовілася паведаміць прычыну адсутнасці Лукашэнкі на ўрачыстасцях у Кіеве.
Нагадаем, што ў Мінску юбілейныя святкаванні хрышчэння Русі адбудуцца ў панядзелак, 29 ліпеня.
Фота — interpolit.net