Украінскія СМІ: Украінцы могуць ваяваць з беларусамі ў Афрыцы

Як адзначаецца ў дакладзе аналітычнай групы Da Vinci AG, тэкст якога прыводзіць выданне "Сталічныя навіны", пагроза 60 украінскім міратворцам у гэтай краіне, якая знаходзіцца на мяжы грамадзянскай вайны, прыйшла з Беларусі.

Гаворка ідзе пра пастаўкі баявых верталётаў узброеным фармаванням, што падтрымліваюць прэзідэнта Лорана Гбагбу, якога не прызнае сусветная супольнасць. Першы беларускі верталёт прыляцеў у краіну ўначы 28 лютага, астатнія два будуць дастаўленыя бліжэйшымі днямі.

Як вядома, 28 лютага генеральны сакратар ААН абвінаваціў Беларусь у незаконных пастаўках баявых верталётах у Кот-д'Івуар, што парушае ўведзеныя яшчэ ў 2004 годзе міжнародныя санкцыі.

Як адзначаецца ў дакуменце, кіраўнік ААН запатрабаваў ад міратворчага кантынгенту ў Кот-д'Івуар "пільна сачыць за сітуацыяй і прыняць у межах дзейснага мандата ўсе неабходныя захады, накіраваныя на тое, каб забяспечыць немагчымасць выкарыстання дастаўленага абсталявання".

Нагадаем, афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў у панядзелак, што "ніякія баявыя верталёты ў Кот-д'Івуар з Беларусі не пастаўляліся. У Беларусі створаная эфектыўная сістэма экспартнага кантролю над узбраеннямі".

Фота: segodnya.ua