Ул. Мацкевіч: Рэкамендацыі з'ехаць амбасадару ЗША паказваюць мітусню ўлады

Амерыканскаму амбасадару ў Беларусі "настойліва рэкамендавана" пакінуць нашу краіну. З такой заявай выступіла Міністэрства замежных спраў Беларусі. Адначасова з ЗША адклікаецца для кансультацый ў сувязі з увядзеннем дадатковых эканамічных санкцый у дачыненні да канцэрна "Белнафтахім" беларускі амбасадар. Пра тое, што можа значыць гэтае рашэнне афіцыйнага Мінску, разважае палітолаг Уладзімір Мацкевіч:

"Якраз сёння падпісаныя дакументы пра адкрыццё офісу Еўракамісіі ў Беларусі, так бы мовіць амбасады Еўрасаюза. І сімвалічна, што адначасова робіцца такое дзеянне супраць амбасадара ЗША. У гэтым сэнсе адкрыццё офісу ці такія дзеянні проста паказваюць мітусню беларускага ўраду, беларускага рэжыму, невызначанасць яго. Адной рукой робіцца адно, а другой - другое".

У той жа час, лічыць Мацкевіч, нельга казаць, што ўлады Беларусі вырашылі "сябраваць" з ЕС, але адначасова "ваяваць" з ЗША:

"Ці значыць гэта, што Беларусь сёння аддае прыярытэт адносінам з Еўрасаюзам перад адносінамі з ЗША? Напэўна, не. Гэта хутчэй такое інтэгральнае стаўленне да Захаду, да заходняга вектару. Каб не было нейкіх ілюзіяў, што беларускі ўрад, беларускі рэжым нармалізуе адносіны з Захадам, нармалізуе заходні вектар сваёй палітыкі. Нічога такога не адбываецца. Усё па-ранейшаму".

Што значыць "настойлівая рэкамендацыя" для амбасадара? Вось што гаворыць былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі:

"Гэта трошкі мякчэй, чым высылка, чым аб'яўленне персонай нон-грата ці даць 24 гадзіны... Гэта такая вялая працэдура".