Улады ліквідуюць суполку Свабоднага прафсаюза ў Брэсцкім універсітэце

Адміністрацыя Ленінскага раёна Брэста прапаноўвае ліквідаваць суполку Свабоднага прафсаюза Беларускага ў Брэсцкім універсітэце.
Пра гэта гаворыцца ў лісце кіраўніка раённай адміністрацыі Міхаіла Еўтуха, у якім сцвярджаецца, што ў суполцы засталося менш за тры сябры.

Па словах кіраўніка суполкі Валянціна Лазарэнкава, цягам апошніх чатырох гадоў на прафсаюз ідзе ціск з боку рэктарата. Людзей выклікаюць да кіраўніцтва і настойваюць на выхадзе з СПБ.

Тым часам старшыня Беларускай канфедэрацыі прафсаюзаў Аляксандр Ярашук ужо праінфармаваў Міжнародную арганізацыю працы і Міжнародную канфедэрацыю прафсаюзаў аб сітуацыі ва ўніверсітэце.

“З аднаго боку, уладамі дэкларуецца зацікаўленасць у развіцці дыялогу з Міжнароднай арганізацыяй працы, вынікам якога павінна стаць вяртанне гандлёвых прэферэнцый, а з другога, як ні ў чым ні бывала, падчас гэтага дыялогу ці намаганняў імітаваць дыялог знішчаюцца суполкі незалежных, свабодных прафсаюзаў”, — адзначыў Ярашук у размове з Еўрарадыё.

7 кастрычніка БКНП у межах Сусветнага дня барацьбы за годную працу, ладзіць мітынг. Адной з мэтаў яго з’яўляецца падтрымка суполкі Свабоднага прафсаюза Беларускага ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя Пушкіна.