Улады пакуль адмовіліся ад зносу былога будынка Нацыянальнай бібліятэкі

Былы будынак Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску пакуль зносіцца не будзе. Нядаўна старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч атрымаў адказ на свой запыт з Міністэрства культуры за подпісам намесніка міністра Грыдзюшкі. Чыноўнік паведаміў, што ніякіх дакументаў на ўзгадненне па зносу будынку і пабудове на яго месцы адміністрацыйных будынкаў у Мінкультуры не паступала.

Нагадаем, у лютым з'явілася неафіцыйная інфармацыя, што гэты будынак, які знаходзіцца насупраць Адміністрацыі прэзідэнта, збіраюцца зносіць. Пабудаваны ў 1931 годзе, ён ацалеў падчас вайны, а ў мірны час мог загінуць. Трывогу падняло Беларускае таварыства аховы помнікаў, бо будынак з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Вось што кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё Антон Астаповіч:

"Мне пра знос будынка Нацыянальнай бібліятэкі паведамлялі не толькі маладыя архітэктары, мне паведамлялі нашыя архітэктурныя мэтры. Я не буду называць іх прозвішчы, бо ў людзей з-за гэтага могуць быць вялікія непрыемнасці... Зараз гэты адказ з Мінкультуры можна трактаваць наступным чынам: была ўзнятая хваля ў СМІ, грамадскасць адпаведна зрэагавала на гэта і пакуль яны пайшлі назад".


Астаповіч абяцае і надалей трымаць гэтую справу "на кантролі", бо ён лічыць, што "ўсё роўна праз пэўны час яна ўзнікне зноў".