Уладзімір Навумаў: У Беларусі з'явіўся чорны рынак валюты

З'яўленне чорнага рынку валюты ў Беларусі пацвердзіў міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў.
"Я пацвярджаю, што апошнім часам у Беларусі зноў з'явіліся ўжо забытыя намі гэтак званыя "чорныя валютчыкі", - сказаў Навумаў. Паводле яго слоў, у сувязі з гэтым работнікам міліцыі давядзецца аднаўляць навыкі барацьбы з імі.

Міністр унутраных спраў зазначыў, што раней у наша краіне наяўнасць чорнага рынку валюты была звязаная з рознымі курсамі ўнутры краіны. "Цяпер праблема звязана з нашымі суседзямі, у якіх існуюць праблемы ў фінансавай сістэме", - лічыць Навумаў.

Паводле яго словаў, з-за цяжкага эканамічнага становішча ва Ўкраіне ўкраінскія валютчыкі будуць ездзіць у Беларусь, каб здаць украінскія грыўны і купіць долары. Ён згадаў пра некалькі выпадкаў затрымання расіян, якія таксама займаліся незаконнымі валютнымі аперацыямі.

Міністр унутраных спраў заявіў, што 30 кастрычніка падпісаў распараджэнне аб барацьбе з незаконнымі валютна-абменнымі аперацыямі. "Мы пастараемся спыняць гэтую з'яву адразу. Будзем затрымліваць валютчыкаў і забіраць у іх грошы", - падкрэсліў Уладзімір Навумаў.

БелаПАН