Унук з п'янымі сябрамі раскапаў дзядулеву магілу, каб скрасці медалі

Па падазрэнні ў апаганьванні дзвюх магілаў міліцыянты затрымалі трох жыхароў Клецка (Мінская вобласць). На маладых людзей, якім ад 20 да 25 гадоў, пачалі крымінальную справу, паведамляе "Інтэрфакс".  Міліцыянты ўсталявалі, што ў магіле, дзе ў 2001 годзе быў пахаваны ветэран Вялікай Айчыннай вайны, зламыснікі шукалі ордэны і медалі.

Адзін з зламыснікаў яшчэ падлеткам прысутнічаў на пахаванні дзядулі-ветэрана і запомніў, што за дамавінай неслі шмат ордэнаў і медалёў. Некалькі тыдняў таму ў п'янай кампаніі сваіх сяброў унук прапанаваў раскапаць дзядулеву магілу, выкрасці ўзнагароды, каб прадаць іх. Аднак узнагародаў зламыснікі не знайшлі — іх тамака не было.

Праваахоўнікі адзначылілі, што зламыснікі, калі шукалі дзядулевы медалі, раскапалі дзве магілы — ветэрана і магілу, якая знаходзіцца побач, скінулі надмагільны помнік.

Могілкі, дзе было здзейснена злачынства, знаходзяцца практычна ў цэнтры Клецка, на іх ужо некалькі гадоў не хаваюць.