Урад ФРГ: Беларусы заслугоўваюць, каб дзверы ў Еўропу для іх былі адчыненымі

 У адказе на пісьмовы запыт Партыі зялёных аб сітуацыі ў Беларусі ўрад ФРГ заявіў, што беларусы заслугоўваюць, каб дзверы ў Еўропу для іх заставаліся адчыненымі. Адказ нямецкіх уладаў быў апублікаваны на сайце бундэстага 8 верасня, паведамляе БелаПАН. Улады ФРГ назвалі палітыку Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" прыдатным інструментам для пераадолення ізаляцыі беларускага грамадства ўнутры Еўропы. У адказе адзначаецца, што па прычыне сур'ёзных праблем у галіне выканання правоў чалавека і вяршэнства закона Беларусь застаецца адзінай краінай Усходняга партнёрства, з якой у ЕС юрыдычна не аформлены двухбаковыя адносіны.

Улады ФРГ раскрытыкавалі выпадкі адмоў у беларускай візе прадстаўнікам НДА Германіі, якія супрацоўнічаюць з апазіцыйнымі структурамі ў Беларусі, паколькі палітычна матываваныя адмовы не адпавядаюць духу Усходняга партнёрства.

Нямецкія ўлады выказалі надзею на нармалізацыю адносінаў паміж Беларуссю і ЕС і паўнацэннае членства краіны ў палітыцы добрасуседства і Усходнім партнёрстве. Усімі перавагамі супрацоўніцтва Беларусь зможа скарыстацца пасля важных рэформ, падкрэсліваецца ў заяве.