Ураган затрымаў на рэйках 10 цягнікоў, у тым ліку 2 міжнародных

5 электрычак і 5 пасажырскіх цягнікоў былі затрыманыя ўвечары 17 жніўня праз тое, што ўраган паваліў дрэвы на рэйкі і электрасетку. Сярод іх два міжнародныя цягнікі - “Мінск — Феадосія” і “Мінск — Анапа”. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў прэс-службе Беларускай чыгункі: “На перагоне “Талька — Верайцы” ў Асіповіцкім раёне дрэвы паклала і на рэйкі, і на кантактную сетку. Наступствы буры ліквідавалі чыгуначнікі з Асіповічаў і з Магілёва, а таксама брыгада энергетыкаў. Якраз ім спатрэбілася крыху больш часу, але да 11-й гадзіны ўсё было ліквідавана”.

На месцы здарэння ўтварыўся затор з трох цягнікоў. Яшчэ 7 былі адмыслова затрыманыя на іншых станцыях Беларускай чыгункі, у тым ліку і ў Мінску:

Прэс-служба чыгункі: “Спазненне цягнікоў — і электрычак, і пасажырскіх — склала менш за 2 гадзіны. Калі больш дакладна — ад 18 хвілінаў да 1 гадзіны 35 хвілінаў. Мы максімальна даганяем да сваёй мяжы. Усё не дагонім, будзем даганяць і ва Ўкраіне. Думаю, што ў Анапу цягнік прыйдзе ў час”.

Дарэчы, гэтым летам рух цягнікоў па Беларускай чыгунцы ўжо затрымліваўся, і таксама праз надвор’е. Анамальная спёка разагравала рэйкі больш чым на 60 градусаў, і таму хуткасць цягнікоў на ўсялякі выпадак змяншалі з меркаванняў бяспекі.