Усіх апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты абавяжуць згадваць Чарнобыль?

Арганізатары сёлетняга "Чарнобыльскага шляху" ў Мінску заснавалі грамадскі камітэт па абароне беларусаў ад наступстваў чарнобыльскай аварыі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў адзін з заснавальнікаў камітэту Віталь Рымашэўскі. Падчас сённяшняга Чарнобыльскага шляху чальцы аргкамітэту прапануюць удзельнікам акцыі далучыцца да кампаніі ды падпісацца пад зваротам да ўладаў з патрабаваннем спыніць знішчэнне беларускай нацыі.

Віталь Рымашэўскі: “Мы спадзяемся, што пад гэтым зваротам паставіць свой подпіс вялікая колькасць грамадзянаў Беларусі — больш за 10 тысяч дакладна. Па-другое, мы бярэм на сябе абавязкі распаўсюджваць інфармацыю пра стан з радыяцыйным забруджваннем, пра тое, што ўлада корміць нас радыяцыйнымі прадуктамі, што ад беларусаў хаваюць гэтую інфармацыю — мы будзем даводзіць гэта да насельніцтва краіны. Мы будзем патрабаваць, каб гэты пункт быў уключаны ў праграму ўсіх дэмакратычных апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты на бліжэйшых выбарах”.

Як абяцаюць ініцыятары, грамадскі камітэт працягне сваю дзейнасць і пасля "Чарнобыльскага шляху".