Ва "Усходнім партнёрстве" Беларусі прапануюць толькі ролю назіральніка

У панядзелак Польшча і Швецыя прапануюць Еўрасаюзу сфармаваць з Украінай, Малдовай, Грузіяй, Арменіяй і Азербайджанам арганізацыю "Усходняга партнёрства". У наноўствораную арганізацыю ўвойдуць 27 дзяржаў еўрапейскай прасторы. Беларусь зможа далучыцца да новай ініцыятывы выключна як назіральнік.
Еўрадэпутат Януш Анышкевіч у інтэрв’ю Еўрарадыё распавёў, што будзе ўяўляць сабою новая арганізацыя і да чаго яна паклікананая:

"Гэта будзе пэўная структура, убудаваная ва ўжо існыя структуры Еўрасаюза. Для новай структуры пакуль не прадугледжаны ніякія ўласныя фінансы. Гэта будзе пэўны форум для супрацоўніцтва, заснаваны на ўжо існых інстытутах з іх фінансавымі праграмамі. Яны павінны аб’яднаць тэрыторыю вольнага гандлю, вырашыць пытанне магчымага безвізавага перасоўвання для грамадзян краін-чальцоў новага ўтварэння на тэрыторыі Еўрасаюза".


Што тычыцца магчымага ў будучыні ўдзелу ў новай арганізацыі Беларусі, то еўрадэпутат адзначыў з жалем, што пакуль пра гэта гаворкі не вядзецца.

Януш Анышкевіч: “Беларусь непрадугледжаная ў новай структуры выключна з-за палітычных прычын. Хіба што ў Беларусі адбудуцца нарэшце пэўныя палітычныя змены. Толькі тады можна будзе разглядаць пытанне аб фарматах далучэння Беларусі. У той жа час Расіі таксама не паступіла прапанова далучыцца да арганізацыі. Адзіны рэгіён, з якім можна працаваць у фармаце “Усходняга партнёрства” - Калінінградская вобласць, якая з’яўляецца анклавам”.

Працаваць у тэхнічным офісе арганізацыі будуць чальцы профільных камісій Еўрасаюза і Еўракамісіі. Ініцыятары стварэння “Усходняга партнёрства” разлічваюць на тое, што супраца ў межах арганізацыі дазволіць нечальцам Еўрасаюза паскорыць працэс далучэння да еўрасупольнасці.