Вадзім Гусеў: Над расіянамі хочуць зладзіць паказальны працэс
Следчае ўпраўленне ГУУС Мінска адхіліла хадайніцтва адвакатаў расіян Брэуса і Гапонава аб спыненні справаў у адносінах да іх падабаронных.
Як паведаміў сёння РІА "Новости" прадстаўнік амбасады Расіі ў Беларусі Вадзім Гусеў, матывіроўка адмовы не вядомая.
"Ствараецца ўражанне, што лёс нашых суайчыннікаў прадвызначаны яшчэ да суда. Беларускі бок настойліва вядзе справу да таго, каб зладзіць над расіянамі паказальны працэс", — заявіў дыпламат.
Ён ізноў адзначыў "надуманасць" выстаўленых грамадзянам Расіі абвінавачванняў ва ўдзеле ў "масавых беспарадках".
Гусеў нагадаў, што Брэус і Гапонаў не адмаўляюць сваёй прысутнасці на плошчы Незалежнасці 19 снежня. Але "за гэта яны ўжо панеслі адміністратыўнае пакаранне", — сказаў прадстаўнік дыпмісіі.
"Пад пытаннем адзін з асноватворных прынцыпаў юрыспрудэнцыі — прэзумпцыя невінаватасці", — падсумаваў ён.
Фота: sobralio.net