Вакаліст Dave Clark Five сканаў за два тыдні да ўключэння ў Залу славы рок-н-ролу

28 лютага ў Лондане на 65-м годзе жыцця сканаў вакаліст і клавішнік брытанскага гурта Dave Clark Five Майк Сміт, паведамляе Reuters. Музыка памёр ад запалення лёгкіх. У 2003 годзе Сміт атрымаў траўму спіннога мозгу, у выніку чаго яму паралізавала ногі. Па словах медыкаў, пнеўманія была справакаваная старой траўмай.

Майк Сміт не дажыў усяго два тыдні да таго моманту, як яго гурт будзе ўведзены ў Залу славы рок-н-ролу ў Нью-Ёрку. Цырымонія, на якой апроч Dave Clark Five у Залу славы будуць уключаныя Мадона, Леанард Коэн, Джон Міленкамп і гурт The Ventures, адбудзецца 10 сакавіка.

Dave Clark Five існаваў з 1957 па 1970 гады. У 60-я калектыў лічыўся адным з лідэраў так званага "брытанскага ўварвання", справакаванага поспехам The Beatles у ЗША. У свой час хіт Dave Clark Five "Glad All Over" здолеў паціснуць бітлоўскую "I Want to Hold Your Hand" з першага месца ў брытанскім чарце. У свеце прададзена больш за 50 мільёнаў дыскаў Dave Clark Five.

Фота: tciartists.com