Варатару МТЗ-РІПА пакінулі ў сіле дыскваліфікацыю на год за напад на суддзю

Апеляцыйны камітэт пакінуў у сіле рашэнне дысцыплінарнага камітэта, які дыскваліфікаваў варатара мінскага МТЗ-РІПА Аляксандра Суліму на год "за фізічнае ўздзеянне на суддзю". Пры гэтым Суліме патлумачылі, што, у адпаведнасці з Дысцыплінарным кодэксам Беларускай федэрацыі футбола, часовая адтэрміноўка да яго не можа быць ужытая, інфармуе "Прессбол".

Нагадаем, інцыдэнт адбыўся падчас матчу 25-га тура МТЗ-РІПА - "Нафтан". Пасля прапушчанага на 79-й хвіліне гола, Суліма палічыў, што яго залічылі няправільна і падбег да галоўнага арбітра Сяргея Сахарэвіча, якога штурхануў рукамі ў грудзі. Варатара адразу ж выдалілі з поля.