А. Вардамацкі: “Толькі 3% беларусаў лічаць, што з-за крызіса зменіцца рэжым"

Вядомы сацыёлаг Андрэй Вардамацкі разважае пра тое, як мяняюцца беларусы ў эпоху пераменаў, чаго яны баяцца і на што спадзяюцца
Давайце з самага галоўнага і пачнем: як мяняюцца беларусы у эпоху пераменаў? У чым мы не змяняемся ўвогуле?

Андрэй Вардамацкі:
Не ўвесь беларускі народ ведае пра сам факт з’яўлення пераменаў. Гэта хутчэй абмяркоўваецца ў экспертных колах, у колах прасунутых эканамістаў, іншых экспертаў. Гэта першы момант.

Па-другое, існуе фундаментальная супярэчнасць у масавай свядомасці і паводзінах беларускага народа. І гэтая супярэчнасць захавалася, яна не змянілася.

Вельмі высокі ўзровень прафесійнай кваліфікацыі — у нас вельмі добрыя інжынеры, навукоўцы, моцныя матэматыкі, прасунутыя праграмісты, якія працуюць у самых развітых краінах свету. Гэта аб’ектыўна звязана з тым, што Беларусь з’яўлялася апошнім ланцужком зборачнага цэху ў Савецкім Саюзе. Менавіта апошняе звяно заўсёды з’яўляецца найбольш інтэлектуалаёмістым.

Значыць, з аднаго боку, высокі ўзровень прафесійнай кваліфікацыі, а з іншага боку — вельмі нізкі ўзровень грамадскай актыўнасці. І гэта таксама сфарміравалася гістарычна, таму што было шмат жахлівых войнаў, якія праходзілі праз нашую тэрыторыю. Таму сфарміраваўся такі нацыянальны характар, арыентаваны на выжыванне, на прыстасаванне...

Таму нас і называюць разумнымі ды талерантнымі. Гэта дрэнна?

Адваротны бок талерантнасці — гэта канфармізм. Талерантнасць — асноўная нацыянальная рыса беларускага характару, як гэта напісана ў падручніку. Яна мае дзве дыяметральна супрацьлеглыя праявы ў розных гістарычных сітуацыях жыцця краіны. У адным выпадку талерантнасць — гэта цярпімасць у добрым сэнсе слова, арыентацыя на дэмакратычныя формы праўлення, цярпімасць да іншых поглядаў, іншых рэлігіяў. Гэта з’яўляецца сацыяльна-псіхалагічнай платформай дэмакратычнага стылю жыцця ў краіне.

З іншага боку, у іншых канкрэтных гістарычных сітуацыях талерантнасць пераўтвараецца ў канфармізм ці ў канформнасць — гэта значыць пакорнасць. Такая супярэчнасць існуе, яна ў значнай ступені вызначае жыццё ў краіне.

І трэцяе... Сёння можна казаць пра такі перыяд, калі ідзе інтэнсіўная канс’юмерызацыя грамадскага меркавання. Гэта значыць — арыентацыя на матэрыяльныя каштоўнасці. Калі чалавек арыентаваны на матэрыяльныя каштоўнасці, то ён не будзе займацца нейкімі актыўнымі формамі сацыяльных паводзінаў. У яго іншыя дамінанты. І таму можна казаць пра інэртнасць, якая прысутнічае ў паводзінах беларусаў, можна казаць пра апатыю. Гэта трэці момант, пра які я хацеў сказаць, — апатыя як вельмі істотная рыса сучаснай беларускай грамадскай думкi.

Але ж крызіс павінен падштурхнуць нашаю апатыю, разварушыць….

Я не ведаю, што будзе ў сувязі з крызісам, таму што крызісная свядомасць пранікае ў шырокія пласты. Толькі 2,1% беларус лічаць, што крызісу няма, 67,8% лічаць, што ў сувязі з крызісам адбудзецца снiженне ўзроўню жыцця насельнiцтва. Пры гэтым трэба адзначыць, што на дадзены момант беларусы маюць самы аптымiстычны погляд на крызic у параўнаннi з Расiяй i Ўкраiнай. Ці выльецца гэта ў якія-небудзь формы пратэсту, у тым ліку вулічныя? Я не ведаю. Але прадбачыць гэта з’яўляецца важнай сацыялагічнай задачай. Ніводная ідэалогія не зацікаўленая, каб у краіне білі шкло. Калі гэта перамены, то яны павінны адбывацца цывілізавана.

А ці баяцца беларусы пераменаў?

За доўгі перыяд існавання савецкай улады стаўленне да пераменаў склалася наступнае: калі перамены — то перамены да горшага. Людзі часта рэагуюць на перамены як на тое, што больш верагодна і хутчэй за ўсё прывядзе да горшага, чым да лепшага.

І якія страхі праяўляюцца найбольш?

Напрыклад, што калі зменіцца сітуацыя з уладай, што калі зменіцца рэжым — тады пачнецца хаос, беспарадак, крымінал і г.д. Пачнецца новы перадзел маёмасці, новы перадзел уласнасці... Людзі баяцца, што краіна будзе праходзіць праз перыяд новага першапачатковага назапашвання, новай капіталізацыі, і што гэта прывядзе да хаосу.

А ці ёсць у беларусаў апроч страхаў нейкія пазітыўныя чаканні?

Ёсць і пазітыўныя чаканні. Тут можна вылучыць два моманты. Ёсць частка беларусаў, якая лічыць, што адбудуцца нейкія эканамічныя трансфармацыі, якія прывядуць да вываду краіны з крызісу, да нармальнага развіцця эканомікі, прадпрымальніцтва. Гэта з аднаго боку.

З іншага боку, ёсць група таксама аптымістаў, але для якіх духоўныя каштоўнасці кшталту дэмакратычных свабодаў, а таксама свабоды самарэалізацыі, магчымасці творчасці з’яўляюцца больш важнымі. Яны таксама спадзяюцца, што штосьці пазітыўнае будзе адбывацца.

Варта адзначыць, што сёння эканамічная прычына з’яўляецца больш важнай, чым каштоўнасная прычына.

Ці змяняецца ў беларусаў успрыманне ўлады? Ці ёсць давер да ўлады? Ён стаў меншым ці большым за апошні час?

Вось лабараторыя “Новак” робіць маніторынг крызіснай свядомасці. Мы зрабілі ўжо 4 замеры. І там ёсць пытанне “Што зменіцца ў краіне ў сувязі з крызісам?”. І там ёсць пазіцыя – зменіцца існуючы рэжым. Дык вось толькі  3% лічаць, што зменіцца рэжым у сувязі з крызісам. Гэта вельмі істотная характарыстыка. За ўвесь гэты час сфарміравалася такое ўяўленне, што рэжым і Лукашэнка заўсёды і ў любой сітуацыі знойдзе нейкае выйсце. Такая асаблівасць беларускай масавай свядомасці.

А наколькі вялікай была схільнасць да пераменаў у беларусаў у 94-м годзе?

Несумненна большай, чым сёння. Цяпер існуе нявер’е ў саму магчымасць пераменаў, а часцяком і адсутнасць такой патрэбнасці. Існуе досыць нядрэнны эканамічны ўзровень жыцця простага чалавека ў параўнанні з іншымі рэспублікамі. Як кажуць, ад дабра дабра не шукаюць.

Хаця я падкрэсліваю супярэчлівасць усіх працэсаў. У самы апошні час адбываецца пагаршэнне эканамічнага самаадчування нацыі паводле ўсіх індыкатараў — і аб’ектыўных, і суб’ектыўных. Па аб’ектыўных — падзенне сярэдняга заробку, які цяпер адбыўся. Па суб’ектыўных — суб’ектыўныя ацэнкі людзьмі эканамічнай сітуацыі ў краіне, як яны ацэньваюць, як яна змянілася, як яны ацэньваюць матэрыяльнае становішча сваёй хатняй гаспадаркі, як яно змянілася і г.д... І вось па ўсім гэтым комплексе індыкатараў, якія я пералічыў, мы бачым негатыўную дынаміку.

Наколькі моцная ў беларусаў цяга да мінулага?

Пад цягай да мінулага можна разглядаць розныя інтэрвалы. Гэта вялікая даўнейшая гісторыя, з аднаго боку. І бліжэйшая гісторыя, перыяд савецкага часу — з іншага боку.

Масавая свядомасць не вельмі пагружаная ў даўнейшую гісторыю, гэта не з’яўляецца такім вялікім, істотным элементам у духоўнай структуры нацыі ў масавым сэнсе. Узровень нацыянальнай самаідэнтыфікацыі дастаткова нізкі, у адрозненні ад краінаў, якія знаходзяцца ў нас па перыметру — Польшчы, Літвы, Украіны.

Што тычыцца савецкай гісторыі — тут таксама ёсць розныя сегменты. З аднаго боку, ёсць больш сталае грамадства, людзі ваенныя ці тыя, хто працаваў раней у адміністрацыйным апараце... Але ужо амаль 15 год краіна жыве пры іншым рэжыме, ужо вырасла цэлае пакаленне моладзі, таму нельга сказаць, што савецкія стэрэатыпы дамінуюць. Хаця яны і з’яўляюцца тымі, што афіцыйна праводзяцца найбольш інтэнсіўна менавіта ў Беларусі ў параўнанні з усімі іншымі рэспублікамі былога Савецкага Саюзу.

Якая існуе сувязь паміж краінай і народам? Ці можна сказаць так, што краіна не змяняецца — і таму мы, беларускі народ, таксама падладжваемся пад краіну і не змяняемся? Ці можа быць так, што краіна мяняецца, а ейны народ не, і наадварот?


У Беларусі існуе феномен так званага паралельнага грамадства. З аднаго боку ёсць улада, там адбываюцца нейкія працэсы… А з іншага боку існуе грамадства. І вось гэтае грамадства не адчувае сваю спрычыненасць да ўладных працэсаў, да працэсаў, якія адбываюцца ў структуры ўладаў. Для вырашэння сваіх праблемаў, матэрыяльных у тым ліку, людзі арыентаваныя толькі на свае асабістыя сілы і магчымасці, а не на тое, што трэба штосьці змяняць у рэжыме, і тады гэта адаб'ецца на іх матэрыяльным становішчы.

У гэтым сэнсе яны існуюць паралельна, прынамсі людзі так успрымаюць сітуацыю. Для таго, каб штосьці змяніць, я павінен сам штосьці рабіць на сваёй маленькай дзялянцы, а не змяняць штосьці ў краіне. У адрозненні ад заходняга чалавека, які для зменаў у сябе думае пра тое, што трэба штосьці мяняць у краіне.

Тут вось гэтай сувязі, лінка паміж уласным, асабістым і агульнакраінавым у беларусаў няма. Прынамсі ў значнай ступені менш, чым у заходніх палітычных культурах.

У чым яшчэ заключаецца феномен беларусаў? Якія ёсць яшчэ асаблівасці беларускага грамадства?

Ёсць істотная асаблівасць, якая тычыцца рэйтынгаў. У беларускім сацыялагічным полі вельмі вялікая колькасць пазіцый, вельмі вялікі адсотак набірае варыянт адказаў — «цяжка адказаць». За каго вы будзеце галасаваць? — «Цяжка адказаць». З чым вы сябе ідэнтыфікуеце? — «Цяжка адказаць». Гэтая пазіцыя прыкладна ў два разы большая, чым у краінах-суседзях. Гэта адлюстраванне медыйнай сітуацыі: людзі не ведаюць поле імёнаў, людзі не ведаюць поле нейкіх магчымасцяў, ідэнтыфікацыяў.


Гутарыла Наста Ігнатовіч

Фота Васіля Сямашкі, БелаПАН.