Вайцюшкевіч: На “Еўрабачанне” — у выпадку старэчага маразму

Лявон Вольскі лічыць працэс падрыхтоўкі да адбору на “Еўрабачанне” сур’ёзным, доўгім і цяжкім.  Вадзім Касалапаў не задаволены другаснасцю музыкі, якая прэтэндуе на ўдзел у імпрэзе. Аня Шаркунова больш не верыць у беларускі адбор да конкурсу. Зміцер Вайцюшкевіч паспрабуе скарыць “Еўрабачанне” толькі ў выпадку старэчага маразму…
Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці збіраюцца беларускія музыкі падаваць заяўкі на ўдзел у “Еўрафэсце” – беларускім адборы на  конкурс “Еўрабачанне-2009”.

Лідэр гуртоў N.R.M і “Крамбамбуля” Лявон Вольскі скардзіцца на недахоп часу і дагэтуль вагаецца, ці падаваць заяўку.

Лявон Вольскі: “Былі такія ідэі, але гэтая справа звязана са шматлікімі турботамі. Баюся, што нам будзе бракаваць часу на гэты ўвесь працэс сур’ёзны, доўгі і цяжкі. Ва ўсякім выпадку, я не хацеў бы адмаўляць і казаць на 100 адсоткаў, што нам гэта не цікава і мы туды не пойдзем. Такія рэчы і брутальныя конкурсы ў чымсьці цікавыя, тым больш, што я ў іх не браў удзел гадоў так 10, і тут няма ніякай моцнай інтрыгі… Хутчэй за ўсё, нічога не атрымаецца, ды і не вельмі хочацца. Але сам працэс!”

Гурт “NEO” ніколі заяўку не падаваў і цяпер таксама не збіраецца. Паводле слоў лідэра калектыву Вадзіма Касалапава, у іх няма на гэта часу. Акрамя таго ў музыкаў ёсць яшчэ прэтэнзіі да сябраў журы і да самога працэсу адбору.

Вадзім Касалапаў: “І тое, хто выбірае канкурсантаў і як выбірае, на мой погляд, абсурдна. Некампетэнтныя людзі сядзяць у журы. Міхаіл Якаўлевіч Фінберг добры дырыжор, аднак ён не напісаў аніводнага хіта, не ведаю артыста, якога б ён прасунуў на заходні альбо расійскі рынак”.

На думку Вадзіма Касалапава, арганізатарам з беларускага боку трэба пераглядзець тактыку адбору песень і выканаўцаў.

Вадзім Касалапаў:  “Гэта ж конкурс песні! Чаму калі нехта дрэнна спявае, яго адразу адмятаюць… Чаму да гэтага пытання нельга падысці комплексна: о! у іх ёсць дрэнная песня, а той добра спявае, аднак ягоная песня слабая! Чаму б іх не аб’яднаць? У нас песня прывязаная да выканаўцы… Гэта заганная практыка і ад гэтага трэба пазбаўляцца. Трэба знайсці годную песню і годнага выканаўцу для яе! “

Для спявачкі Ані Шаркуновай удзел Гюнеш у адборы да Еўрабачання ад Азербайджана стаўся нечаканасцю. Аня распавяла Еўрарадыё, што занятая ў розных праектах, ды і не верыць яна ў  падобныя мерапрыемствы.

Аня Шаркунова: “Шчыра? Не! Таму што я маю шмат цікавых праектаў, якія на дадзены момант, калі расстаўляць прыярытэты, для мяне з’яўляюцца больш істотнымі. Яшчэ, напэўна, трэба было ўвесь год рыхтавацца да гэтага, рабіць песню… І ўвогуле, я чамусьці ў гэта не веру, таму ў гэтым годзе дакладна прымаць удзел у адборы не буду! Гюнеш, мабыць, таксама не паверыла, таму і рушыла ў Азербайджан… Я буду заўзець за Гюнеш! За Азербайджан!”

Змітру Вайцюшкевічу дастаткова таго, што ёсць, таму жадання хапаць невядомых зорак з неба ў спевака няма.

Зміцер Вайцюшкевіч:
“Да сённяшняга моманту і на сённяшні момант у мяне такога жадання не ўзнікала. Як вам правакацыйна адказаць? Калі я звар’яцею канчаткова і ўпаду ў старэчы маразм, жыццё мяне перастане цікавіць, тады я падумаю пра “Еўрабачанне”. Цяпер мне хапае таго, што я маю.”

Адзіны з апытаных гурт “РСП” збіраецца падаваць заяўку на ўдзел у “Еўрафэсце” і лічыць свае песні вартымі траплення на конкурс і перамогі на ім.

РСП: Наконт “Еўрабачання” ніякага сцёбу няма, гэта абсалютна сур’ёзная інфармацыя, таму што гэта мы збіраемся зрабіць на працягу ўжо 3-х гадоў . З-за сумнай гісторыі, якая здарылася з нашым дыскам, не было чаго падаваць, маю на ўвазе песню. Калі ўслухацца, дык можна прыйсці да высновы, што ўсе песні нашыя вартыя таго, каб патрапіць на конкурс і выйграць яго. Песня будзе гучаць адначасова на дзвюх дзяржаўных мовах, бо пераклад з трасянкі на англійскую зрабіць складана.”

Прэтэндэнты на перамогу ў мінулым “Еўрафэсце” гурт “Палац” станавіцца зноўку на тыя ж граблі не збіраецца. Паводле словаў лідэра каманды Алега Хаменкі, удзел у мерапрыемстве “Палаца” гэтым разам не актуальны.

Алег Хаменка: "Мы не бачым на сённяшні час неабходнасці ў тым, каб з’явіцца ў адборачным туры на “Еўрабачанне”, таму што ў мінулым годзе мы пабачылі, як гэта ўсё адбывалася, і вырашылі, што зараз гэта не актуальна."

Фота: www.belapan.com