Вайцюшкевіч пабудзе беларускім Мамонавым, а потым паедзе па аграгарадках

Серыю веснавых канцэртаў падрыхтаваў прыхільнікам беларускай музыкі Зміцер Вайцюшкевіч. Першы з іх – “Праз усю вясну”, запланаваны на 28 красавіка, –эксклюзіўны: у малой зале Купалаўскага тэатру музыка збіраецца чытаць вершы Анатоля Сыса і граць на саксафоне. Паводле Змітра, гэта будзе беларускі адказ Пятру Мамонаву.

Зміцер Вайцюшкевіч: “Што такое вясна? Гэта не толькі салодкія спевы салаўёў. Гэта і макрота беларускіх балот, і рэчкі, якія разліваюцца. Карацей, гэта такая змена ўсяго на ўсё. Такія кантрасты настрою: ад някляеўскага “Дзевятага Плачу” да чытання вершаў Сыса і акампанавання сабе на саксафоне”.

20 траўня Зміцер Вайцюшкевіч ладзіць святкаванне 80-годдзя з Дня нараджэння Ўладзіміра Караткевіча. З гэтай нагоды ў ДК ветэранаў адбудзецца вялікі канцэрт артыста, падчас якога прагучаць песні з альбома “Скрыпка дрыгвы”, а таксама новыя песні, напісаныя адмыслова да падзеі. Па словах Вайцюшкевіча, паэзія і проза Караткевіча блізкія ўсім беларусам, незалежна ад іх грамадзянскіх пазіцый.

Зміцер Вайцюшкевіч: “Караткевіч – гэта той, каго любяць усе: і белыя, і чырвона-белыя. Караткевіч аб’ядноўвае беларусаў”.

Дарэчы, артыст Вайцюшкевіч перадумаў ехаць на “Славянскі базар”, як гэта паведамлялася днямі ў прэсе. Музыка кажа, што прыйшоў час браць курс на вёскі ды аграгарадкі.