Вечарыну "Беларускага кнігазбору" сарвалі "па тэхнічных прычынах"

Адміністрацыя Палаца мастацтваў у Мінску адмяніла юбілейную вечарыну выдавецтва "Беларускі кнігазбор"за суткі да імпрэзы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі. Вечарына мусіла адбыцца 17 сакавіка і прысвячалася выхаду 50-га тома "Беларускага кнігазбору". Вінярскі: Учора нас дзесьці гадзіны ў чатыры запрасіў да сябе дырэктар Палаца мастацтваў. Ён нам сказаў, што па тэхнічных прычынах вечарыну праводзіць нельга. Па якіх "тэхнічных прычынах" - ён не растлумачыў.

З улікам шырока распаўсюджанай рэкламы (у тым ліку праз газету "Ва-банк") арганізатары не паспеюць папярэдзіць усіх патэнцыйных гледачоў. Таму яны мяркуюць сустракаць іх на ўваходзе і папярэджваць пра адмену вечарыны. Па словах Вінярскага, зала Палаца мастацтваў мае 240 месцаў, але арганізатары разлічвалі на аншлаг - як мінімум 300 чалавек.

Нагадаем, што нядаўна ў праекце "Беларускі кнігазбор" пабачылі свет зборнікі твораў двух "апальных" паэтаў - Генадзя Бураўкіна і Ўладзіміра Някляева.